- Навіны філіяла
Хроніка вызвалення Беларусі: 27 чэрвеня 1944 года
27 чэрвеня 1944 года ішоў 1102-і дзень вайны... У гэты дзень у ходзе правядзення Бабруйскай і Віцебска-Аршанскай аперацый вызвалены Глускі, Шклоўскі, Акцябрскі, Чашніцкі і Аршанскі раёны.
З раніцы 26 чэрвеня ў паласе 5-й арміі была ўведзена ў прарыў 5-я гвардзейская танкавая армія, якая пачала рухацца ў напрамку Талачын, Барысаў, што аблегчыла ахоп нямецка-фашысцкіх войскаў у Оршы. 27 чэрвеня войскі 3-га Беларускага фронту вызвалілі Оршу. 41 часці і злучэнню, якія вызначыліся пры вызваленні, прысвоены ганаровыя найменні "Аршанскія".
Прадаўжаючы наступленне, да 28 чэрвеня войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту выйшлі на мяжу 30 км на паўднёвы ўсход ад Полацка, а 3-га Беларускага фронту - да ракі Бярэзіны, на поўнач ад Барысава. У ходзе аперацыі войскі франтоў узаемадзейнічалі з беларускімі партызанамі.
Разгромленыя Чырвонай Арміяй часці ворага, якія адыходзілі на захад, траплялі пад удары партызан і неслі дадатковыя страты. 27 чэрвеня з-пад Магілёва адыходзілі часці 14-й пяхотнай дывізіі. Дарогу ім паміж вёскамі Гоенка і Казёл заступілі партызаны 257-га атрада Рагачоўскай ваенна-аператыўнай групы. Падпусціўшы вялікую калону праціўніка на 100-150 м, яны адкрылі ружэйна-кулямётны і мінамётны агонь. Гітлераўцы, якія не чакалі такога раптоўнага ўдару, збянтэжыліся і, пакінуўшы машыны, коней, павозкі з ваеннай маёмасцю і зброяй, кінуліся бегчы. У гэтым баі партызаны знішчылі амаль дзве роты пяхоты, узвод кавалерыі, 65 павозак, спалілі 8 і вывелі са строю 15 аўтамашын ворага. Гітлераўцы вымушаны былі адмовіцца ад першапачатковага маршруту, рушыць праз вёску Заазер'е на Сомры, расчышчаючы дарогу ад суцэльных завалаў, зробленых партызанамі. Але і тут гітлераўцы натрапілі на засады партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы. У выніку зладжаных дзеянняў партызан абедзве варожыя дывізіі былі затрыманы на цэлыя суткі. На наступны дзень савецкія войскі, якія падаспелі, сумесна з партызанамі цалкам знішчылі рэшткі варожых дывізій.
Па матэрыялах: