Пералік катэгорый грамадзян, якім даюцца льготы па аплаце паслуг электра(цяпло)забеспячэння.
Пералік катэгорый грамадзян, якім даюцца льготы па аплаце за спажытую электрычную і цеплавую энергію на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007г. №239-З "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян" (у дзеючай рэдакцыі):
1. Героі Беларусі, Героі Савецкага Саюза, а таксама Героі Сацыялістычнай Працы - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, поўныя кавалеры ордэнаў Айчыны, Славы вызваляюцца ад платы за электра- і цеплазабеспячэнне ў граніцах зацверджаных норм спажывання.
2. Права на 50-працэнтную знiжку з платы за тэхнічнае абслугоўванне і (або) карыстанне жылым памяшканнем у граніцах 20 квадратных метраў агульнай плошчы жылога памяшкання і права на 50-процентную знiжку з платы за электра- і цеплазабеспячэнне ў граніцах зацверджаных норм спажывання маюць:
2.1. Героі Сацыялістычнай Працы (акрамя названых у пункце 1), поўныя кавалеры ордэна Працоўнай Славы;
2.2. удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны;
2.3. інваліды вайны;
2.4. асобы, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943 - 1945 гадах;
2.5. асобы, узнагароджаныя ордэнамі і (або) медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны;
2.6. асобы, якія працавалі на аб'ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог;
2.7. члены экіпажаў судоў транспартнага флоту, інтэрніраваныя ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў партах другіх дзяржаў;
2.8. асобы, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 г. па 27 студзеня 1944 г. і ўзнагароджаныя медалём "За абарону Ленінграда", і асобы, узнагароджаныя знакам "жыхару блакаднага Ленінграда";
2.9. непрацуючыя пенсіянеры з ліку ваеннаслужачых, асоб начальніцкага і радавога складу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі, калецтва або захворвання, атрыманых пры выкананні абавязкаў ваеннай службы (службовых абавязкаў);
2.10. інваліды з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны альбо з наступствамі ваенных дзеянняў;
2.11. непрацуючыя бацькі загінуўшых (памерлых), указаных у падпунктах 12.1 - 12.3 пункта 12 артыкула 3 гэтага Закона, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту альбо не дасягнулі такога ўзросту, але якія з'яўляюцца інвалідамі I або II групы;
2.12. грамадзяне, якія захварэлі і перанеслі прамянёвую хваробу, выкліканую наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, якія не маюць працаздольных членаў сям'і, абавязаных па законе іх утрымліваць, і якія пражываюць адны альбо толькі з інвалідамі I або II групы і (або) з непрацуючымі пенсіянерамі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту;
2.13. інваліды I і II групы, якія не маюць працаздольных членаў сям'і, абавязаных па законе іх утрымліваць, і якія пражываюць адны альбо толькі з інвалідамі I або II групы і (або) з непрацуючымі пенсіянерамі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.