- Навіны філіяла
Хроніка вызвалення Беларусі: 28 чэрвеня 1944 года
28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 28 чэрвеня 1944 года ішоў 1103-і дзень вайны... У гэты дзень савецкія войскі вызвалілі Асіповічы, Старыя Дарогі, Клічаў, Круглае, Крупкі, Лепель, Быхаў і Магілёў.
Задачай Магілёўскай аперацыі - наступальнай аперацыі войскаў 2-га Беларускага фронту (генерал-палкоўнік Г.Ф.Захараў) - было разбіць магілёўскую групоўку ворага (8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі групы армій "Цэнтр") і вызваліць Магілёў. 23 чэрвеня войскі 49-й арміі, якая дзейнічала на напрамку галоўнага ўдару, фарсіравалі раку Проню, 24-25 чэрвеня з правафлангавымі часцямі 50-й арміі - раку Басю. На левым флангу фронту 24 чэрвеня ў наступленне перайшоў 121-ы стралковы корпус 50-й арміі. У выніку 3-дзённых цяжкіх баёў войскі 49-й і 50-й армій да канца дня 25 чэрвеня прарвалі глыбока эшаланіраваную абарону праціўніка па фронце да 70 км і на глыбіню да 30 км і перайшлі да праследавання разбітых варожых злучэнняў. 26-27 чэрвеня 49-я армія фарсіравала Днепр на поўнач ад Магілёва, абышла горад з захаду і паўднёвага захаду, перарэзала шашу Магілёў - Мінск, Магілёў - Бабруйск. Войскі 33-й арміі 26 чэрвеня перайшлі ў наступленне на правым флангу фронту і ў той жа дзень вызвалілі г.Горкі, 27 чэрвеня - Копысь і Шклоў; войскі 50-й арміі 27 чэрвеня фарсіравалі Днепр на поўдзень ад Магілёва, захапілі Лупалава (прадмесце Магілёва), злучыліся з часцямі 49-й арміі.
28 чэрвеня пасля бязлітаснай бітвы савецкія войскі вызвалілі Магілёў. Нямецка-фашысцкі гарнізон у горадзе быў акружаны і пасля няўдалай спробы прарыву разгромлены: 6 тыс. гітлераўцаў забіты, каля 3400 узяты ў палон, савецкія войскі захапілі шмат зброі і баявой тэхнікі.
Чырвонай Арміі дапамагалі партызаны: за тры дні да аперацыі яны пачалі разбураць чыгуначныя камунікацыі ворага метадам "рэйкавай вайны", паралізавалі яго перавозкі. Партызанскія брыгады і атрады Магілёўскай і Мінскай абласцей трымалі пад кантролем многія ўчасткі шашэйных дарог Магілёў - Мінск, Магілёў - Бабруйск, Орша - Мінск, густую сетку палепшаных дарог у міжрэччы Дняпра і Друці, Друці і Бярэзіны, у трохвугольніку Барысаў - Асіповічы - Мінск. У гэтых раёнах яны стойка ўтрымлівалі буйныя зоны, праз якія спрабавалі прабіцца гітлераўскія войскі.
У ходзе Магілёўскай аперацыі праціўнік быў пазбаўлены магчымасці планамерна адвесці свае войскі і перакідваць рэзервы на напрамкі галоўных удараў савецкіх войскаў. 92 воінам - удзельнікам аперацыі прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 21 вайсковаму злучэнню і часці прысвоены ганаровыя найменні "Магілёўскіх", 32 - "Верхнедняпроўскіх".
У выніку першых шасці дзён наступлення Чырвонай Арміі група армій "Цэнтр" апынулася ў катастрафічным становішчы. Яе абарона была зламана на ўсіх напрамках 520-кіламетровага фронту. Савецкія войскі, ламаючы супраціўленне гітлераўцаў, прайшлі на захад на розных участках ад 80 да 150 км. Пад канец 28 чэрвеня войскам 1-га і 3-га Беларускіх франтоў удалося абысці абодва флангі праціўніка. Стварыліся спрыяльныя ўмовы для нанясення канцэнтрычных удараў у напрамку Мінска з мэтай акружэння 4-й нямецкай арміі.
Па матэрыялах: