- Навіны філіяла
Хроніка вызвалення Беларусі: 20 чэрвеня 1944 года
Трэці этап "рэйкавай вайны" беларускіх партызан на чыгуначных камунікацыях ворага пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 года.
За час 1-га і 2-га этапаў "рэйкавай вайны" ў 1943 годзе партызаны ўзарвалі больш як 200 тыс. рэек. Былі разбураны чыгуначныя лініі Цімкавічы - Асіповічы - Бабруйск - Старушкі, Жлобін - Калінкавічы. На многіх чыгуначных магістралях рух быў прыпынены ад 4 да 15 сутак, а ўчасткі Магілёў - Крычаў, Полацк - Дзвінск, Магілёў - Жлобін, Баранавічы - Лунінец былі выведзены са строю на яшчэ большы тэрмін. Адначасова партызаны пускалі пад адхон эшалоны, узрывалі масты, вадакачкі, чыгуначныя станцыі.
Трэці этап "рэйкавай вайны" працягваўся да поўнага вызвалення Беларусі. У выніку аперацыі падарвана 61 тыс. рэек, знішчана 8 чыгуначных мастоў, што поўнасцю вывела са строю важнейшыя чыгуначныя лініі, часткова былі паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Упершыню ў гісторыі вайны партызанамі была праведзена аперацыя такога маштабу і з такімі вынікамі ў цесным аператыўна-тактычным узаемадзеянні з рэгулярнай арміяй. Скаардынаваныя ўдары партызан па чыгуначных камунікацыях праціўніка метадам "рэйкавай вайны" мелі аператыўна-стратэгічнае значэнне ў ходзе наступлення Чырвонай Арміі.
20 чэрвеня 1944 года ішоў 1095-ы дзень вайны... У гэты дзень партызаны 300-й брыгады імя К.Я Варашылава правялі баявую аперацыю, у час якой падарвалі больш як 400 рэек на чыгуначным участку Баранавічы - Цімкавічы.
У ходзе баявой аперацыі партызаны 760-га партызанскага атрада імя М.Беразоўскага захапілі чыгуначны ўчастак Шклоў - Лотва і падарвалі амаль 850 рэек.
20 чэрвеня 1944 года адбыўся Ямніцкі бой. Партызаны 121-га палка імя А.М.Касаева і 65-й брыгады напалі на часці 60-й нямецкай мотамеханізаванай дывізіі, раскватараванай у ваенным гарадку ў вёсцы Ямніца Магілёўскага раёна.