- Навіны філіяла
Хроніка вызвалення Беларусі: 23 чэрвеня 1944 года. Аперацыя "Баграціён"
23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка Беларускай наступальнай аперацыі пачалася вясной 1944 года.
Зыходзячы з ваенна-палітычнага становішча і прапаноў ваенных саветаў франтоў, Генштаб распрацаваў яе план. Пасля яго ўсебаковага абмеркавання ў Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання 22-23 мая было прынята канчатковае рашэнне аб правядзенні стратэгічнай наступальнай аперацыі. Яе папярэдні этап сімвалічна пачаўся ў трэцюю гадавіну нападзення Германіі на СССР - 22 чэрвеня 1944 года.
На гэту дату фронт працягласцю звыш 1100 км у Беларусі праходзіў па лініі возера Нешчарда, на ўсход ад Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, па рацэ Прыпяць, утвараючы вялікі выступ. Тут абаранялі войскі групы армій "Цэнтр", якія мелі добра развітую сетку чыгуначных і шашэйных дарог для шырокага манеўру па ўнутраных лініях. Нямецка-фашысцкія войскі займалі загадзя падрыхтаваную, глыбока эшаланіраваную (250-270 км) абарону, што абапіралася на развітую сістэму палявых умацаванняў і прыродныя рубяжы. Абарончыя палосы праходзілі, як правіла, па заходніх берагах шматлікіх рэк, якія мелі шырокія забалочаныя поймы.
Беларуская наступальная аперацыя пад кодавай назвай "Баграціён" пачалася 23 чэрвеня, завяршылася 29 жніўня 1944 года. Задума яе была ў тым, каб адначасовымі глыбокімі ўдарамі на шасці ўчастках прарваць абарону праціўніка, расчляніць яго войскі і разбіць на часткі. У далейшым планавалася нанесці ўдары па збежных напрамках на Мінск з мэтай акружэння і знішчэння асноўных сіл ворага на ўсход ад сталіцы Беларусі. Пасля наступленне планавалася прадоўжыць па напрамку да граніц Польшчы і Усходняй Прусіі.
https://peramoga.belta.by/ru/chronicle?id=272617