- Навіны філіяла
Прыгажосць беларускіх сімвалаў
Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Сёлета яго адзначаць 12 мая.
Атрыбутамі любой суверэннай дзяржавы з'яўляюцца дзяржаўныя сцяг, герб і гімн. Гэтыя сімвалы Рэспублікі Беларусь адлюстроўваюць гістарычныя, духоўныя і маральныя рысы нацыі, асаблівасці культуры і светапогляду беларускага народа, яго імкненне да самавызначэння і самастойнага развіцця.
Эталон герба і Палажэнне аб флагу зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 мая 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне дзяржаўнай сімволікі.
5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь», які накіраваны на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Беларусі, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, і вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання.
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй — зялёнага колеру ў 1/3.
Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні — 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве.
Мы ўсе ганарымся сваімі нацыянальнымі сімваламі, пацвярджаючы сваю прыхільнасць да каштоўнасцяў і традыцый нашай Радзімы.
З Днём Дзяржаўнага Сцяга, Дзяржаўнага Гімна і Дзяржаўнага Герба!